ГАЛІЦЫ́ЙСКАЯ БІ́ТВА 1914,
буйнамаштабныя баявыя дзеянні паміж рас. і аўстра-венг. войскамі на тэр. Галіцыі і Польшчы 18.8—21.9.1914 у 1-ю сусв. вайну. Складалася з Люблін-Холмскай (баі каля Красніка і Тамашава), Галіч-Львоўскай (на р. Залатая Ліпа і Гнілая Ліпа), Гарадоцкай і інш. аперацый. На фронце каля 400 км паміж рэкамі Вісла і Днестр з абодвух бакоў удзельнічалі каля 2 млн. чал. і да 5 тыс. гармат. Рас. камандаванне Паўд.-Зах. фронтам (галоўнакамандуючы ген. М.І.Іваноў) планавала акружыць і знішчыць аўстравенг. сілы (каля 850 тыс. чал., 1800 гармат); аўстра-венг. (эрцгерцаг Фрыдрых) мела намер разграміць правае крыло рас. Паўд.-Зах. фронту (4-ю і 5-ю арміі). 18 жн. на левым крыле распачала наступленне рас. 8-я армія (ген. А.А.Брусілаў). 23 жн. перайшлі ў наступленне ўсе арміі Паўд.-Зах. фронту. У ходзе сустрэчнай бітвы ў раёне Краснік—Тамашаў (23 жн.—3 вер.) аўстравенг. 1-я і 4-я арміі прымусілі 4-ю (ген. А.Е.Эверт) і 5-ю (ген. П.А.Плеве) рас. арміі адступіць да Любліна, Холма і Уладзіміра-Валынскага. 3-я рас. армія (ген. М.У.Рузскі) разбіла аўстра-венграў (3-я армія ген. Р.Брудэрмана) на р. Залатая Ліпа (26—28 жн.) і прарвала фронт на р. Гнілая Ліпа на ПдУ ад Львова (29—31 жн.). 2 вер. рас. войскі занялі Галіч, 3 вер. — Львоў. У ходзе сустрэчнай Гарадоцкай бітвы (5—12 вер.) 4-я рас. армія прарвала фронт у раёне Тарнаўкі. 12 вер. пачалося агульнае адступленне аўстра-венг. войск. Рас. часці прасунуліся на 280—300 км, занялі Галіцыю і частку аўстр. Польшчы. У Галіцыйскай бітве аўстра-венг. армія страціла 325 тыс. чал. (у т. л. каля 100 тыс. палоннымі) і 400 гармат, рас. войскі — каля 230 тыс. чал. (з іх 40 тыс. палонных) і 94 гарматы.
С.Б.Каўн.
т. 4, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)